ВЯЛІКІ ПАНЯДЗЕЛАК

Вялікі Тыдзень у сьціслым сэнсе пачынаецца ў панядзелак. Гэты дзень, а таксама аўторак і серада, былі апошнімі днямі публічнай дзейнасьці Хрыста. Ён навучаў у сьвятыні, вёў спрэчкі з фарысэямі, садукеямі і сьвятарамі, якія хацелі злавіць Яго на слове, каб пасьля абвінаваціць. Хрыстос ня толькі адказваў ім, але выкрываў іхнюю няшчырасьць і крывадушнасьць. Такім чынам нарастаў канфлікт, які непазьбежна вёў да трагічнага канца. Можна сказаць, што гэтыя дні праходзілі пад ценем Крыжа. Гэта адчуваецца ў багаслужэньнях, у якіх прысутны матыў цярпеньняў праведніка. Са старазапаветных чытаньняў бярэцца Кніга Ёва – класічны вобраз праведнага пакутніка. У Вялікі Панядзелак на ютрані згадваецца сын патрыярха Якуба, праведны Язэп, які быў прададзены сваімі братамі ў няволю. Іншая Кніга Старога Запавету, якая чытаецца праз увесь тыдзень, гэта Кніга Выхаду, у якой гаворыцца пра выбаўленьне гэбрэйскага народу з Ягіпскай няволі пад кіраўніцтвам Майсея. Майсей – правобраз Хрыста: як той вывеў свой народ з няволі, правёўшы яго праз Чырвонае Мора, так Хрыстос праз Крыж і ўваскрасеньне перавёў людзей ад сьмерці да вечнага жыцьця. Другі матыў у багаслужэньнях гэтых дзён – гэта другое прыйсьце Хрыста, канец сьвету і апошні суд, а таксама патрэба быць чуйным і прыгатаваным, бо гэтае прыйсьце будзе нечаканым. Перасьцярогаю для нас павінен быць лёс смакоўніцы, якая была праклятая Хрыстом і ссохла, бо ня мела пладоў (Мц. 21:18-19): Пра патрэбу чуйнасьці нагадваюць таксама прыповесьці пра разумных і неразумных дзеваў (Мц. 25:1-13), пра таленты (Мц. 25:14-30) і інш. У трапары на ютрані кажацца: "Вось Жаніх ідзе апоўначы, і шчасьлівы той слуга, каго Ён знойдзе нядрэмным; нягодны ж той, каго засьпее бязьдзейсным…".