УВАХОД У ЕРУСАЛІМ ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА (Вербніца)

У Вялікі Тыдзень Сьвятая Царква ў сваіх багаслужэньнях дае нам магчымасьць перажыць разам з Хрыстом Ягоныя апошнія дні на зямлі, Ягоныя пакуты, крыжовую сьмерць і пахаваньне. У сапраўднасьці Вялікі Тыдзень трывае толькі шэсьць дзён, бо ў першы дзень тыдня – нядзелю, – Царква сьвяткуе ўваход Хрыста ў Ерусалім. Хрыстос ведаў, што яго чакалі наперадзе пакуты і сьмерць, бо "немагчыма, каб прарок памёр вонках Ерусаліму" (Лк 13:33). Тым ня менш сьвята мае радасны і ўрачысты характар. Багаслужэбныя тэксты робяць націск на Боства Таго, хто ўязджае ў Сьвяты Горад. Ён Той, хто мае за пасад неба, і за падножак зямлю, Сын спрадвечны і Слова Бога Айца. Сёньня Ён "панізіўся, сеўшы на бяздумнае асьля". Ён ідзе "на мукі, каб споўніць закон і прароцтвы". У сапраўднасьці Ягоны ўваход пераможны: Ён "сеў на асьля, быццам на калясьніцу, каб здабыць сабе ўсе народы". Таму дзеткі, якія вітаюць Яго воклічам "Гасанна", прадвяшчаюць радасьць Уваскрасеньня.
Многія з тых, што выйшлі Хрысту насустрач, думалі, што Ён – Мэсыя, "Памазаньнік Божы", асабліва таму, што яны чулі, як Ён уваскрасіў Лазара. У тым часе ўвесь гэбрэйскі народ быў ахоплены чаканьнем хуткага прыйсьця Мэсыі. Аднак ва ўяўленьні большасьці Мэсыя быў ня столькі рэлігійным як палітычным правадыром, які меў вызваліць народ ад чужога панаваньня і адбудаваць каралеўства Давіда. Сьціплы ўезд Хрыста на асьляці не сумяшчаўся з гэтым уяўленьнем, і таму быў непрыймальным, асабліва для тых, што ўважалі сябе за правадыроў народу – сьвятароў, фарысэяў і кніжнікаў. Толькі нявінныя дзеткі адчулі чыстай душою, хто быў Той, што ўваходзіў у Сьвяты Горад, і віталі яго радаснымі воклічамі: "Гасанна! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!".
Гэтая нядзеля носіць яшчэ назву “Вербніца”. Зьвязана гэта са звычаем бласлаўляць у гэты дзень у царкве пальмавыя ці аліўныя галінкі. У нас замест іх бласлаўляюць вербу. У габрэяў жа ды рымлянаў пальмавая галінка была сімвалам перамогі. Таму яе несьлі ў руках падчас пераможнага паходу. У Новым Запавеце пальмавая галінка сталася таксама сімвалам мучаніцтва. У катакомбах пальму ставілі на магілах мучанікаў як сімвал іхняй перамогі. Аліўная галінка – сімвал міру.