Нядзеля Сырапусная

Царква, рыхтуючы нас да Вялікага Посту, у Мясапусную нядзелю наказвала нам адмовіцца ад мясных страваў, а ў Сырапусны тыдзень дазваляе толькі на малочныя стравы. Адсюль і назва “Сырапуст”. Практыка Сырапуснага тыдня вельмі даўняя. Пра яе згадвае ўжо Александрыйскі патрыярх Тэафіл (+412). Сынаксар на сырную суботу кажа, што паводле некаторых меркаваньняў, сырапусны тыдзень стаўся законам у часы грэцкага цэзара Гераклія (610-641). Ён шэсьць гадоў ваяваў з перскім царом Хазроем і паабяцаў, што калі пераможа, то ня будзе есьці мяса праз увесь тыдзень перад Вялікім Постам. Багаслужба прымае ўсё больш посны выгляд, у аўторак на Вячэрні ўжо пачынаюцца паклоны, якія будуць трываць праз увесь Пост.
Увечары нядзелі адбываецца абрад узаемнага прабачэньня, калі ўсе просяць адзін у аднаго дараваньня крыўдаў, перад тым як распачаць час пакаяньня – Вялікі Пост.