Нядзеля мытніка і фарысея распачынае чатырохтыднёвую падрыхтоўку да Вялікага посту. У часе багаслужэньняў гэтых нядзеляў сьвятая Царква ставіць перад нашымі вачыма некалькі біблійных вобразаў: пыхлівага фарысея і пакорлівага мытніка; навяртаньне блуднага сына; сцэну Страшнага Суду і выгнаньня нашых прабацькоў з раю. Яны маюць на мэце паказаць нам Божую міласэрнасьць і справядлівасьць ды пераканаць нас у важнасьці навяртаньня, пакуты ды збаўленьня душы. Нядзеля мытніка і фарысея атрымала сваю назву ад прыповесьці пра мытніка і фарысея, якую запісаў сьв. евангеліст Лука (18.10-14). Багаслужбовыя тэксты шматразова падкрэсьліваюць і выхваляюць пакору і асуджаюць пыху.