Чытаньне вялікамучаніку(-цы):

2-е пасланьне да Цімафея 2.1-10

1. Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам.
2. І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць.
3. Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста.
4. Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку.
5. Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла.
6. Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў.
7. Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім.
8. Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго.
9. за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў.
10. Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.

Евангельле паводле Яна 15.17-16.2

17. Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.
18. Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.
19. Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я Вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.
20. Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;
21. але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.
22. Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.
23. Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;
24. калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.
25. Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».
26. Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;
27. А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
1. Гэта сказаў Я вам, каб вы не запаняверыліся:
2. прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу.