Чарговае чытаньне:

Пасланьне да Рымлянаў 4.13-25

13. Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне - быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.
14. Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;
15. бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.
16. Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, -
17. як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», - перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.
18. Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе семя тваё».
19. І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;
20. не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,
21. і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.
22. Таму і залічылася яму ў праведнасьць.
23. А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,
24. але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,
25. Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.

Евангельле паводле Мацьвея 7.21-23

21. Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.
22. Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?».
23. І тады абвяшчу ім: «Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне».