Чарговае чытаньне:
Пасланьне да Габрэяў 12.28-13.8
28. І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
29. таму што Бог наш ёсьць «вагонь, які паядае».
1. Браталюбства, між вамі няхай будзе.
2. Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.
3. Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.
4. Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.
5. Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: «не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе»,
6. так што мы кажам адважна: «Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?»
7. Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
8. Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
Евангельле паводле Яна 11.1-45
1. Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная.
2. А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі.
3. Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы.
4. Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы.
5. А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара.
6. Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў.
7. Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю.
8. Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды?
9. Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага;
10. а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім.
11. Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
12. Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее.
13. Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны.
14. Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;
15. і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго.
16. Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім.
17. Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
18. А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць,
19. і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі - суцешыць іх у смутку па браце іхнім.
20. Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома.
21. Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой;
22. але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.
23. Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
24. Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень.
25. Ісус сказаў ёй: Я - уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, - ажыве;
26. і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта?
27. Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет.
28. Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе.
29. Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго.
30. Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
31. Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы - плакаць там.
32. А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
33. Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,
34. і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.
35. Ісус заплакаў сьлязьмі.
36. Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!
37. А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
38. А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
39. Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.
40. Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
41. І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
42. Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.
43. Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.
44. І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.
45. Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;
Кніга Быцьця 49.1-2
1. І паклікаў Якаў сыноў сваіх і сказаў: зьбярэцеся, і я абвяшчу вам, што будзе з вамі ў апошнія дні;
2. сыдзецеся і паслухайце, сыны Якава, паслухайце Ізраіля, бацьку вашага.
Кніга Быцьця 49.8-12
8. Юда! цябе праславяць браты твае. Рука твая на хрыбце тваіх ворагаў; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
9. Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаешся. Схіліўся ён, лёг, як леў і як ільвіца: хто падыме яго?
10. Не адыдзе скіпетр ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў.
11. Ён прывязвае да вінаграднай лазы асьляня сваё і да лазы лепшага вінаграду сына асьліцы сваёй; мые ў віне вопратку сваю і ў крыві гронак адзеньне сваё;
12. бліскучыя вочы ад віна, і белыя зубы ад малака.
Кніга прарока Сафона 3.14-19
14. Радуйся, дачка Сіёна! трыюмфуй, Ізраіле! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліма!
15. Адмяніў Гасподзь прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Гасподзь, цар Ізраілеў, пасярод цябе: ужо болей ня ўбачыш ліха.
16. У той дзень скажуць Ерусаліму: «ня бойся», і Сіёну: «хай жа ня слабнуць рукі твае!
17. Гасподзь Бог твой сярод цябе: Ён мае сілу ўратаваць цябе; узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе зь весялосьцю».
18. Наракальнікаў на радасныя сьвяты Я зьбяру; твае яны, на іх цісьне паганьбеньне.
19. Вось, Я ўцісну ўсіх уціскальнікаў тваіх у той час і выратую кульгавае, ізьбяру расьсеянае, і прывяду іх у пашану і знакамітасьць на ўсёй гэтай зямлі паганьбеньня іхняга.
Кніга прарока Захарыі 9.9-15
9. Весяліся ад радасьці, дачка Сіёна: радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай.
10. Тады зьнішчу калясьніцы ў Яфрэма і коней у Ерусаліме, і зламаны будзе баявы лук; і Ён абвесьціць мір народам, і валадарства Ягонае будзе ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі.
11. А што да цябе, дзеля крыві запавету твайго Я вызвалю вязьняў тваіх з рова, у якім няма вады.
12. Вяртайцеся на цьвярдыню вы, палонныя з надзеяю! Што цяпер узьвяшчаю, аддам табе ўдвая.
13. Бо як лук Я напну Сабе Юду і напоўню лук Яфрэмам, і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супроць сыноў тваіх, Янія, і зраблю цябе мечам барацьбіта.
14. І явіцца над імі Гасподзь, і, як маланка, вылеціць страла Яго, і загрыміць Гасподзь Бог трубою і крочыць будзе ў бурах паўдзённых.
15. Гасподзь Саваоф будзе абараняць іх, і яны будуць зьнішчаць і таптаць прашчавыя камяні і будуць піць і шумець як ад віна, і напоўняцца як ахвярныя чашы, як куты ахвярніка.