Чарговае чытаньне:

Кніга Выхаду 3.1-8

1. Майсей пасьвіў авечкі ў Ётора, цесьця свайго, сьвятара Мадыямскага. Аднаго разу правёў ён статак далёка ў пустыню і прыйшоў да гары Божай, Харыва.
2. І зьявіўся яму анёл Гасподні ў полымі агню зь сярэдзіны цярновага куста. Іўбачыў ён, што цярновы куст гарыць агнём, але куст не згарае.
3. Майсей сказаў: пайду і падзіўлюся на гэтую вялікую зьяву, чаму куст не згарае.
4. Гасподзь убачыў, што ён ідзе глядзець, і паклікаў яго Бог зь сярэдзіны куста, і сказаў: Майсею! Майсею! Ён сказаў: вось я!
5. І сказаў Бог: не падыходзь сюды: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
6. І сказаў: Я Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава. Майсей засланіў твар свой, бо баяўся глянуць на Бога.
7. І сказаў Гасподзь: Я ўбачыў пакуты народа Майго ў Егіпце і пачуў енк яго ад прыстаўнікаў ягоных; Я ведаю смуткі яго
8. і іду выратаваць яго ад рукі Егіпцянаў і вывесьці яго зь зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд, у зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 8.22-30

22. Гасподзь меў мяне ад пачатку дарогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:
23. адвеку была я памазаная, ад пачатку, ад правеку зямлі.
24. Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, багатых вадою.
25. Я нарадзілася перш, чым былі пастаўлены горы, раней за пагоркі,
26. калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.
27. Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверхняю бездані,
28. калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,
29. калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў асновы зямлі:
30. тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,

Кніга Выслоўяў Саламонавых 8.-



Пасланьне да Габрэяў 2.11-18

11. Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе - ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
12. «абвяшчу Тваё імя братѓм Маім, сярод царквы апяю Цябе».
13. І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
14. А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца - д'ябла,
15. і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.
16. Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.
17. Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.
18. Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушѓны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.

Евангельле паводле Лукаша 1.24-38

24. Пасьля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
25. так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
26. А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,
27. да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.
28. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.
29. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.
30. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;
31. і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;
32. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
33. і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.
34. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?
35. Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;
36. вось, і Елісавета, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ўстарасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;
37. бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.
38. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.