Чарговае чытаньне:

Кніга Быцьця 15.1-15

1. Пасьля гэтых падзей было слова Госпада Абраму ў відзежы, і сказана: ня бойся, Абраме; Я твой шчыт; узнагарода твая даволі вялікая.
2. Абрам сказаў: Валадару Госпадзе! што Ты дасі мне? я застаюся бязьдзетны: распарадчык у доме гэтым Эліязэр з Дамаска.
3. І сказаў Абрам: вось, Ты ня даў мне нашчадкаў, і вось гадунец мой спадчыньнік мой.
4. І было слова Госпада яму, і сказана: ня будзе ён тваім спадчыньнікам; а той, хто пойдзе са сьцёгнаў тваіх, будзе тваім спадчыньнікам.
5. І вывеў яго вонкі і сказаў: паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты можаш палічыць іх. І сказаў яму: столькі будзе ў цябе наступнікаў.
6. Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць.
7. І сказаў яму: Я Гасподзь, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую на валоданьне.
8. Ён сказаў: Валадару Госпадзе! па чым пазнаць мне, што я буду валодаць ёю?
9. Гасподзь сказаў яму: вазьмі Мне трохгадовую цялушку, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба.
10. Ён узяў іх, расьсек іх напалам і паклаў адну частку насупраць другое; толькі птушак не расьсек.
11. І наляцелі на трупы драпежныя птушкі; але Абрам адганяў іх.
12. Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама; і вось, апанаваў яго жах ізмрок вялікі.
13. І сказаў Гасподзь Абраму: ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў не сваёй зямлі, і паняволяць іх і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў;
14. але Я ўчыню суд над народам, у якога яны будуць у няволі: пасьля гэтага яны выйдуць зь вялікай маёмасьцю;
15. а ты адыдзеш да бацькоў тваіх у міры і будзеш пахаваны ў старасьці добрай;

Кніга Выслоўяў Саламонавых 15.7-19

7. Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не.
8. Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.
9. Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.
10. Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.
11. Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.
12. Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.
13. Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.
14. Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.
15. Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.
16. Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.
17. Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.
18. Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.
19. Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.

Кніга Быцьця 28.10-17

10. А Якаў выйшаў зь Вірсавіі і пайшоў у Харан,
11. і прыйшоў у адно месца і застаўся там начаваць, бо зайшло сонца. І ўзяў адзін камень з таго месца, і паклаў сабе пад галаву, і лёг на тым месцы.
12. І ўбачыў у сьне: вось лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; івось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.
13. І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім;
14. і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, іна поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя:
15. і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ўгэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе.
16. Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў.
17. І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта - брама нябесная.

Кніга прарока Езэкііля 43.27-44.4

27. Пасьля гэтых дзён, у восьмы дзень і далей, сьвятары будуць узносіць на ахвярніку вашыя цэласпаленьні і падзякавальныя ахвяры; і Я буду літасьцівы да вас, кажа Гасподзь Бог.
1. І прывёў ён мяне назад да зьнешняй брамы сьвятыні, якая выходзіла на ўсход, і яна была зачыненая.
2. І сказаў мне Гасподзь: брама гэтая будзе зачыненая, не адчыніцца, і ніякі чалавек ня ўвойдзе празь яе, бо Гасподзь Бог Ізраілеў увайшоў празь яе, іяна будзе зачыненая.
3. Што да князя, ён, як князь, сядзе ў ёй, каб есьці хлеб перад Госпадам; увойдзе праз бабінец гэтай брамы, і той самай дарогаю выйдзе.
4. Потым прывёў мяне праз браму паўночную перад аблічча храма, і я бачыў, і вось, слава Госпада напаўняла дом Госпада, і я ўпаў на аблічча маё.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 9.1-11

1. Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,
2. закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;
3. паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:
4. «хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала:
5. «ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;
6. адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці».
7. Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе.
8. Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;
9. дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, іён памножыць веды.
10. Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум;
11. бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.