Чарговае чытаньне:

Кніга Быцьця 6.9-22

9. Вось жыцьцё Ноевае: Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў родзе сваім; Ной хадзіў прад Богам.
10. Ной спарадзіў трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.
11. Але зямля разбэсьцілася прад абліччам Божым і напоўнілася зямля злачынствамі.
12. І паглядзеў Гасподзь Бог на зямлю, і вось, яна разбэшчаная: бо ўсякая плоць скрывіла дарогу сваю на зямлі.
13. І сказаў Гасподзь Бог Ною: канец усякай плоці прыйшоў прад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ад іх зладзействамі; і вось, я вынішчу іх зь зямлі.
14. Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр; адсекі зрабі ў каўчэзе і прасмалі яго смалою ўсярэдзіне і звонку.
15. І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў; шырыня яго пяцьдзясят локцяў, а вышыня яго трыццаць локцяў.
16. І зрабі адтуліну ў каўчэзе, і ў локаць зьвядзі яе ўгары, і дзьверы ў каўчэг зрабі збоку яго; зладзь у ім ніжняе, другое і трэцяе жытло.
17. І вось, Я навяду на зямлю патоп водны, каб вынішчыць усякую плоць, у якой ёсьць дух жыцьця, пад нябёсамі: усё, што ёсьць на зямлі, пазбудзецца жыцьця.
18. Але з табою Я «станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою.
19. Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць.
20. З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя.
21. А ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою кормяцца, і зьбяры да сябе; і будзе яна табе і ім ежаю.
22. І зрабіў Ной усё: як наказаў яму Гасподзь Бог, так ён і зрабіў.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 8.1-21

1. Ці мудрасьць не заклікае? і ці розум ня ўзносіць свой голас?
2. Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;
3. яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:
4. «Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!
5. Навучэцеся, невукі, добрай разумнасьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.
6. Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць - гідота для вуснаў маіх;
8. усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;
9. усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды.
10. Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;
11. бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.
12. Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.
13. Страх Гасподні - ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу.
14. У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.
15. Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.
16. Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя.
17. Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;
18. багацьце і слава са мною - скарб нятленны, і праўда;
19. плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.
20. Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя,
21. каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.

Пасланьне да Габрэяў 12.1-10

1. Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
2. гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
3. Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
4. Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
5. і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
6. Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б'е кожнага сына, якога прымае».
7. Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
8. Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы - няпраўныя дзеці, а ня сыны.
9. Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
10. Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты - дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.

Евангельле паводле Мацьвея 20.1-16

1. Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
2. І, згадзіўшы работніка па дынары ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
3. І выйшаўшы каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы,
4. і ім сказаў: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.
5. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае.
6. А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень бяз працы?
7. Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.
8. А калі зьвечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
9. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары.
10. Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынары.
11. І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома
12. і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, амы ж перанесьлі цяготу дня і сьпёку.
13. А ён у адказ сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною?
14. вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;
15. хіба я ня маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздросьлівае ад таго, што я добры?
16. Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.