Чарговае чытаньне:
1-е пасланьне Яна Багаслова 2.18-3.10
18. Дзеці! астатняя гадзіна. І як вы чулі былі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер паявілася шмат антыхрыстаў, дык мы і спазнаём з таго, што астатняя гадзіна.
19. Яны выйшлі ад нас, але ня былі нашыя; бо, калі б яны былі нашыя, дык засталіся б з намі; але яны выйшлі, і праз гэта адкрылася, што ня ўсе нашыя.
20. Але ж вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.
21. Я напісаў вам не на тое, каб вы ня ведалі ісьціны, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсякая мана не ад ісьціны.
22. Хто хлус, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Той - антыхрыст, хто адмаўляе Айца і Сына.
23. Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызна Сына, мае і Айца.
24. Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце ў Сыне і ў Айцы.
25. А абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
26. Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас.
27. А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся.
28. Дык вось, дзеці, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прышэсьце Ягонае.
29. Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце і тое, што кожны, хто чыніць праўду, народжаны ад Яго.
1. Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца і быць дзецьмі Божымі. Сьвет таму ня ведае нас, што не спазнаў Яго.
2. Любасныя! мы цяпер дзеці Божыя; але яшчэ ня выявілася, чым будзем. Ведаем толькі, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.
3. І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.
4. Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне; і грэх ёсьць беззаконьне.
5. І вы ведаеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
6. Кожны, хто жыве ў Ім, ня грэшыць; кожны, хто грэшыць, ня бачыў Яго і не спазнаў Яго.
7. Дзеці! хай ня зводзіць вас ніхто. Хто чыніць праўду, той праведны, падобна як Ён праведны.
8. Хто чыніць грэх, той ад д'ябла, бо спачатку д'ябал зграшыў. На тое якраз і зьявіўся Сын Божы, каб разбурыць дзеі д'ябла.
9. Кожны, народжаны ад Бога, ня робіць грэху, бо насеньне Ягонае жыве ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
10. Дзеці Божыя і дзеці д'яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога, як і той, хто ня любіць брата свайго.
Евангельле паводле Марка 11.1-11
1. Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
2. і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце;
3. і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды.
4. Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, іадвязалі яго.
5. І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня?
6. Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх.
7. І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго.
8. А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
9. І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!
10. дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях!
11. І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.