Чарговае чытаньне:
1-е пасланьне Пятра 2.21-3.9
21. Бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі сьлядамі Ягонымі:
22. «Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных»;
23. і калі Яго ліхасловілі, Ён не ліхасловіў наўзаем: пакутуючы, не пагражаў; а аддаваў гэта Судзьдзі Справядліваму;
24. Ён грахі нашыя Сам узьнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.
25. Бо вы былі як авечкі заблуджаныя без пастуха; але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ахавальніка душ вашых.
1. Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,
2. калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.
3. Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,
4. а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.
5. Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:
6. так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы - дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.
7. Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.
8. Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;
9. не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.
10. Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
Евангельле паводле Марка 12.13-17
13. І пасылаюць да Яго некаторых фарысэяў і ірадыян, каб падлавіць Яго на слове.
14. А яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы іне стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш ні на якія абліччы, а шчыра шляху Божаму вучыш; ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? ці даваць нам, ці не даваць?
15. Але Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? прынясеце Мне дынар, каб Мне бачыць яго.
16. Яны прынесьлі. Тады кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? яны сказалі Яму: кесаравыя.
17. Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзіўляліся зь Яго.