Чарговае чытаньне:
2-е пасланьне Яна Багаслова 1.1-13
1. Старац - выбранай Спадарыні і дзецям яе, якіх я люблю ў ісьціне, і ня толькі я, але і ўсе, хто спазанаў ісьціну,
2. дзеля ісьціны, якая жыве ў нас і будзе з намі вечна:
3. хай будзе з вамі мілата, літасьць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у ісьціне і любові.
4. Я вельмі ўсьцешыўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, якія ходзяць у ісьціне, як мы атрымалі ў наказ ад Айца.
5. І сёньня прашу цябе, Спадарыня, ня як новую запаведзь прадпісваючы табе, а тую, якую маем ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго.
6. Любоў бо ў тым, каб жылі мы паводле запаведзяў Ягоных. Гэта - тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб жылі згодна зь ёю,
7. бо многія зваднікі ўвайшлі ў сьвет, якія не вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці: такі чалавек ёсьць зваднік і антыхрыст.
8. Сачэце за сабою, каб нам ня страціць таго, над чым мы працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду.
9. Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца і Сына.
10. Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтага вучэньня, таго ня прымайце ў дом і ня вітайце яго;
11. бо хто яго вітае, той мае ўдзел у ліхіх учынках ягоных.
12. Многае маю пісаць вам, ды не хачу на паперы чарнілам; а спадзяюся прыйсьці да вас і гутарыць вуснамі ў вусны, каб радасць вашая была поўная.
13. Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амін.
Евангельле паводле Марка 15.22-25
22. І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў».
23. І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў.
24. Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.
25. Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.
Евангельле паводле Марка 15.33-41
33. А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
34. На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?».
35. Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча.
36. А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
37. А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.
38. І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу.
39. Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.
40. Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія,
41. якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім.