Чарговае чытаньне:
Евангельле паводле Марка 16.1-8
1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго.
2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ўбелыя шаты: і жахнуліся.
6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
Пасланьне да Эфэсянаў 4.7-13
7. А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.
8. Таму і сказана: «падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям».
9. А «падняўся» што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?
10. Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
11. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
12. на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
13. пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;
Евангельле паводле Мацьвея 4.12-17
12. Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,
13. і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэталімавых,
14. каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
15. «Зямля Завулонава і зямля Нэталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,
16. народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло».
17. З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.