Чарговае чытаньне:

1-е пасланьне да Салунянаў 2.9-14

9. Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і зьнемажэньне: уночы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі ў вас Дабравесьце Божае.
10. Сьведкі вы і Бог, як сьвята і праведна і бездакорна рабілі мы перад вамі, веруючымі,
11. бо вы ведаеце, як кожнага з вас, быццам бацька дзяцей сваіх,
12. мы прасілі і пераконвалі і ўгаворвалі рабіць годна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
13. Таму і мы бесьперастанку дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас чутае слова Божае, вы прынялі ня як слова чалавечае, а як слова Божае, - якое яно і ёсьць у ісьціне, - якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
14. Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў,

Евангельле паводле Лукаша 11.14-23

14. Аднаго разу выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і калі дэман выйшаў, нямы загаварыў; і людзі зьдзівіліся.
15. А некаторыя зь іх казалі: Ён выганяў дэманаў сілаю вэльзэвула, князя дэманскага.
16. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго азнакі зь неба.
17. Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее, і дом, які разьдзяліўся сам у сабе, зруйнуецца.
18. А калі і сатана разьдзеліцца сам у сабе, дык як устоіць царства ягонае? авы кажаце, што я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў.
19. І калі Я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў, дык сыны вашыя чыёй сілаю выганяюць іх? А таму яны будуць вам за судзьдзяў.
20. А калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, дык напэўна ж дасягнула да вас Царства Божае.
21. Калі дужы са зброяй ахоўвае свой дом, тады ў бясьпецы ягоная маёмасьць;
22. а калі дужэйшы за яго нападае на яго і пераможа яго, тады возьме ўсю зброю ягоную, на якую ён спадзяваўся, і падзеліць захопленае ў яго.
23. Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.