Чарговае чытаньне:

Пасланьне да Каласянаў 4.2-9

2. Будзьце трывалыя ў малітве, чуваючы ў ёй з удзячнасьцю;
3. малецеся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы для слова, абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я ў кайданах,
4. каб я адкрыў, як павінен яе абвяшчаць.
5. З чужымі абыходзьцеся разумна, карыстаючыся часам.
6. Слова ваша (хай будзе) заўсёды зь мілатою, прыпраўлена сольлю, каб вы ведалі, як адказваць кожнаму.
7. пра мяне ўсё скажа Тыхік, любасны брат і верны слуга і супрацоўнік у Госпадзе,
8. якога я на тое паслаў да вас, каб ён даведаўся пра вашыя справы і суцешыў сэрцы вашыя,
9. з Анісімам, верным і любасным братам (нашым), які ад вас: яны раскажуць вам пра ўсё тутэйшае.

Евангельле паводле Лукаша 9.49-56

49. Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
50. Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.
51. А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім,
52. і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
53. але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім.
54. Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
55. Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу;
56. бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча.