Чарговае чытаньне:
Дзеі Апосталаў 1.12-17
12. Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады.
13. І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў;
14. усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі іМарыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі.
15. І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў -
16. (а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) - мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса;
17. бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага;
Дзеі Апосталаў 1.21-26
21. Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус,
22. пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго.
23. І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія,
24. і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,
25. прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца.
26. І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.
Евангельле паводле Яна 1.18-28
18. Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, існы ва ўлоньні Айцовым, Ён адкрыў.
19. І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты?
20. Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос.
21. І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не.
22. Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?
23. Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая.
24. А пасланцы былі з фарысэяў;
25. і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок?
26. Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце;
27. Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным.
28. Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян.